РУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З,

ваенна-палітычны саюз Расіі і Францыі ў 1891—1917. Супрацьстаяў Траістаму саюзу на чале з Германіяй. Аформлены пагадненнем міністраў замежных спраў Францыі і Расіі (ліп. 1891) і сакрэтнай ваен. канвенцыяй, заключанай 17.8.1892 рас. і франц. ген. штабамі і ратыфікаванай урадамі Францыі (27.12.1893) і Расіі (4.1.1894). Канвенцыя прадугледжвала правядзенне неадкладнай і адначасовай мабілізацыі ўзбр. сіл абедзвюх краін у выпадку такіх жа дзеянняў Траістага саюза, выстаўленне Францыяй 1,3 млн. чал. і Расіяй 0,7 млн. чал. супраць Германіі з такім разлікам, каб ёй адразу давялося весці вайну на 2 франты (на У і З). Т.ч. у Еўропе ўтварыліся 2 варожыя адзін да аднаго ваен.-паліт. блокі. Р.-ф.с. дазволіў Францыі актывізаваць сваю калан. палітыку (найперш у Афрыцы), а Расіі — яе экспансію ў Маньчжурыі. Першапачаткова вызначальная роля ў саюзе належала Расіі, пазней — Францыі, ад якой Расія трапіла ў фін. залежнасць. У 1912 падпісана рус.-франц. ваен.-марская канвенцыя. З далучэннем да Р.-ф.с. Вялікабрытаніі, якая ў 1904 падпісала пагадненне з Францыяй, а ў 1907 — з Расіяй, утварылася «Траістая згода» (гл. Антанта). Р.-ф.с. ануляваны Сав. урадам Расіі пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.

Літ.:

Манфред А.З. Образование русско-французского союза. М., 1975.

т. 13, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)